У шматдзетнай маці адбіраюць дом і чацвёра дзяцей?

Еўрарадыё высвятляла, за што на 25-гадовую Тэрэзу вышчэрыліся суседзі і чаму бацька сямейства патрапіў у вар'ятню. (ФОТА)
Артыкул пра шматдзетную маму Тэрэзу Чычка выйшаў у сярэдзіне кастрычніка ў папулярнай рэгіянальнай газеце “Вечерний Гродно”

“Жыццё з мужам у жанчыны не склалася. Ён працаваў у СПК “Пагранічны”, — напісана ў газеце. — Але быў звольнены за п’янства, зараз знаходзіцца на прымусовым лячэнні ад алкагалізму. Развялася з мужам у жніўні гэтага года, у тым жа месяцы нарадзіла дачку, чацвёртае дзіця. Тэрэза з дзецьмі жыве ў доме, які выдзеліў СПК. Але зараз жыллё можа адысці СПК, сям’ю выселяць. Маці не хоча аддаваць дзяцей і з’язджаць з дома”. 

Сама Тэрэза Чычка праз газету наракала:

Тэрэза Чычка: “Я не хачу, каб у мяне забіралі дзяцей. Так, грошай на іх утрыманне няшмат −400 тысяч на пяцярых, гэта толькі дзяржаўная дапамога. Працаваць я не магу, дачцэ ўчора споўнілася два месяцы. Да нас прыходзіла камісія, рабілі заўвагі, што ў халадзільніку мала ежы, што нейкія талеркі не памыты. 5 кастрычніка адбыўся сход, камісія пастанавіла адабраць у мяне дзяцей. Я прыехала з немаўляткам. Лічу, што на мяне зрабілі паклёп”. 

Гэты матэрыял, ад якога слёзы наварочваюцца на вочы, абмяркоўвалі, здавалася, ва ўсіх гродзенскіх крамах. Людзі абаранялі Тэрэзу Чычка і бэсцілі мясцовую ўладу, якая “па-фашысцку распраўляецца з безабароннай сям’ёй”. Вось толькі землякі з вёскі Адэльск, дзе жыве шматдзетная мама, расказалі Еўрарадыё іншую праўду.

“Унучкі, няўжо і вы да яе хочаце? Беражыцеся! — засцерагала Еўрарадыё мясцовая бабуля Дарота. — Прыблудніца яна. Кажуць, працавала на пошце, сваячка яе прыладзіла, дык пенсіі сабе да рук прыбрала. Каб не дзеці яе, дык і ў турму кінулі б”. 

У Адэльску Тэрэза Чычка жыве ў ружовым катэджы, збудаваным для супрацоўнікаў аграгарадка. У раскошным па мясцовых мерках доме ёсць нават ванна і прыбіральня. Але дзверы аказаліся замкнёныя. 

Памежнік, які нясе службу ў Адэльску, запэўніў Еўрарадыё, што ніхто з мясцовых пра Тэрэзу добрага слова не скажа, як бы журналістам  гэтага ні хацелася. А апошні раз Тэрэза зацяжарыла, калі яе мужа паклалі ў псіхіятрычную бальніцу. 
  
Мясцовы памежнік: “Муж яе вучыўся на ксяндза. Па выглядзе не скажаш, што ён хворы, але нешта ў яго з галавой. Усё, загнала яго ў вар’ятню, у Гродне на Шчорса лечыцца. Напэўна, з мінулага года загнала яго, і тут дзяцей невядома ад каго нараджае. Праўда, адзін раз муж яе добра аддубасіў. Мы з таварышам сюды заходзілі, таму што ўчастковы званіў. Прыходзілі, уся хата ў крыві, яна з фінгаламі, на кухні мужыкі нейкія бухаюць, булдосы, дзеці таксама неахайныя, някормленыя. У яго і дах паехаў, калі яна пачала мужыкоў чужых у хату вадзіць”.

Еўрарадыё падалося, што мужчыны ў Адэльску — жанчынаненавіснікі. І мы звярнуліся да мясцовых маладых кабет: што яны скажуць пра Тэрэзу?

Аднак яшчэ адна суседка, настаўніца з мясцовай школы Алена Дзіўнель бэсціла Тэрэзу яшчэ больш. 
 
Алена Дзіўнель: “У яе чацвёра дзяцей — разумеем, што ёй цяжка, дапамагалі, як маглі. Яна будзе з вамі прыгожа размаўляць, на ўсіх звальваць, што ёй ніхто не дапамагае. Хоць калі тата быў дома, васьмігадовая Эльжбета увесь час хадзіла ў школу. Тата прыходзіў у школу, забіраў дачку. Ніякіх праблемаў не было, пакуль тата не лёг у бальніцу. Намеснік старшыні калгаса, міліцыянер, старшыня сельскага савета аднойчы да яе зайшлі, а ў яе ложку нейкі чужы мужчына, жанчына і малыя дзеці разам з імі. Гэта ўсё на вачах нашых робіцца”. 

Патлумачыла спадарыня Алена, чаму Тэрэзы Чычка не аказалася ў Адэльску, калі Еўрарадыё рыхтавала матэрыял.  

Алена Дзіўнель: “У газеце напісалі, што яна ляжыць у бальніцы з-за стрэсу. Яна насамрэч ляжыць у бальніцы з каростай, ім выдзелілі асобную палату, дзе яна з чатырма дзецьмі. Дзіця, якому тры месяцы, ледзьве выратавалі”. 

А малую дапамогу на дзяцей, згодна з версіяй настаўніцы, Тэрэза атрымоўвае з-за таго, што ніколі нідзе не працавала. Дзяцей жа ў 25 гадоў мае аж чатырох.

Алена Дзіўнель: “Ёй і працу давалі. Старшыня калгаса ўладкаваў яе на ферму. Цудоўна, пайшла раніцай на працу, цэлы дзень дома з дзецьмі, і пайшла ўвечары. А дзеці, пакуль маці адсутнічае, застануцца з татам. Яна папрацавала тыдзень і сказала: “Мне гэта не трэба, рана ўставаць трэба”. 

Паводле слоў Алены Дзіўнель, дзяцей вырашылі забраць у тым ліку і з-за неверагоднай антысанітарыі ў доме Тэрэзы. 
 
Алена Дзіўнель: “Што робіцца ў шафах, на кухні! Санвузел да такой ступені забіты, што нашыя працаўнікі, якія ездзілі чысціць, — іх ванітавала невядома як. Казалі, што ў жыцці не бачылі такой антысанітарыі”. 

У мясцовай камісіі па справах непаўналетніх вырашылі, што дзецям Тэрэзы Чычка неабходная дзяржаўная дапамога. На шэсць месяцаў іх забяруць ад шматдзетнай мамы. А калі паводзіны Тэрэзы не зменяцца, то родных дзяцей яна не зможа выхоўваць ніколі.


Дом, які Тэрэза Чычка і яе былы муж атрымалі ад СПК "Пагранічны"


Па словах настаўнікаў, пакуль тата не патрапіў у "вар'ятню", старэйшая дачка Эльжбета стабільна наведвала школу


Тэрэза Чычка і яе чацвёра дзяцей

У Беларусі дзяцей зазвычай забіраюць толькі з самых гаротных сем’яў. Часам нават дзеля таго, каб падтрымаць шматдзетных бацькоў, якія трапілі ў цяжкае становішча. 

Напрыклад, у вёсцы Парэчча Пінскага раёна камісія па справах непаўналетніх забрала пяцярых дзяцей з сям’і Гарбацэвічаў…каб бацькі зрабілі рамонт у хаце. Калі тата Коля і мама Ларыса выканалі заданне, усіх да аднаго дзяцей у сям’ю вярнулі.


Фота "Еўрарадыё" і "Вечерний Гродно"