У СІЗА ў Ганцавічах ад 1 лютага галадае хлопец

Ад 1 лютага працягвае галадоўку Аляксандр Занька, якога асудзілі на 10 сутак арышту нібыта за абразу загадчыка паліклінікі. Юнака асудзілі ў пятніцу. 2 лютага да Занькі ў СІЗА выклікалі “хуткую” дапамогу. Фельчарка Віннік паведаміла карэспандэнту “Еўрарадыё”, што ў хлопца падняўся ціск з прычыны галадоўкі і адсутнасці свежага паветра. У СІЗА кепская вентыляцыя, а на шпацыры юнака не выводзяць.
Хлопца асудзілі нібыта за тое, што ён абразіў загадчыка Ганцавіцкай паліклінікі Васіля Несцяровіча. У паліклініцы, дзе хлопец праходзіў медкамісію, яму два дні адмаўляліся выдаваць неабходныя паперы. Толькі скарга ў абласны аддзел аховы здароўя прымусіла працаўнікоў паліклінікі выдаць дакументы. Затое загадчык паліклінікі напісаў заяву, быццам Аляксандр Занька абражаў яго.

Дарэчы, некалькі год таму бацька Аляксандра, сябра БНФ Мікалай Занька таксама выказваў пратэст супраць дзеянняў уладаў з дапамогаю працяглае галадоўкі.