У “Славянскага базару” скралі сімволіку

Дырэкцыя “Базару” не атрымлівае ніводнага рубля ад вытворцаў за выкарыстанне імі фестывальнай сімволікі. Гэта пацвердзіла Еўрарадые намесніца дырэктара Вольга Сальнікава. Паводле спадарыні Сальнікавай, у бягучым годзе ні адно з прадпрыемстваў нават не звярталася да дырэкцыі з прапановай аформіць адпаведныя дамовы. Выключэнне - віцебскі лікёра-гарэлачны завод і яшчэ некалькі мясцовых прадпрыемстваў, якія некалькі год таму распачалі вытворчасць прадукцыі з "фестывальнымі" назвамі пасля адпаведнага распараджэння гарвыканкама.

Рамеснікі, што прапаноўваюць свае вырабы гасцям фестывалю і жыхарам горада ў "Горадзе Майстроў", таксама не ўзгадняюць выкарыстанне фестывальнай валошкі ды іншай сімволікі "Базара" з дырэкцыяй фестывалю. Але ім даруюць - у дырэкцыі кажуць, што не мае сэнсу ганяць мурашоў, калі па полі топчуцца сланы…

Судзіцца са "сланамі" дырэкцыя фестывалю пакуль не збіраецца. Адно - не хапае часу, бо падрыхтоўкай "Славянскага базару" ў Віцебску займаюцца на працягу ўсяго года. Другое - судовыя працэсы патрабуюць фінансавых затрат, а грошай на гэта ў каштарысе фестывалю не выдаткавана. Таму і ўлік "браканьераў" тут асабліва не вядуць.

Вольга Сальнікава рассказала, што ў продажы на працягу года з'яўляюцца то сурвэткі, то сцяжкі, то кубкі з фестывальнымі надпісамі. Аднойчы яна нават купіла свайму сыну майку з сімволікай "Славянскага базару", што была пашыта ў Оршы нейкім прадпрымальнікам.

Калі мы за тыдзень да фестывалю паспрабавалі адшукаць такія вырабы ў віцебскіх магазінах, за некалькі хвілін знайшліся нататнік "Фестывальны" з выявай Амфітэатру і поліэтыленавы пакет, на якім адціснута запрашэнне наведаць "Славянскі базар у Віцебску".

Ні абласная друкарня, дзе зроблены нататнікі, ні прадпрыемства "Белпласт", што выпускае пакеты, з дырэкцыяй фестывалю гэта не ўзгаднялі. У абласной друкарні нашаму тэлефанаванню здзівіліся: паводле кіраўніка вытворчага аддзела Алены Бандарэнкі, выява Амфітэатра не мае аніякага дачынення да фестывалю, гэта - проста краявід. Цікава, чаму ў такім разе нататнік мае назву "Фестывальны"?

Сама ж дырэкцыя фестывалю сувенірную прадукцыю не прадае. Няма сэнсу. На адной з прэс-канферэнцый дырэктар фестывалю Радзівон Бас неяк абмовіўся, што прыбытак ад гаспадарчай дзейнасці фестывалю ідзе на… памяншэнне бюджэтнага фінансавання. Так што "афіцыйныя" вырабы з фестывальнай сімволікай выкарыстоўваюцца толькі ў якасці падарункаў гасцям, артыстам і журналістам.