У Смаленску ў траўні пройдзе аўкцыён гарадскіх памыйніцаў

У траўні ў Смаленску ўпершыню пройдзе аўкцыён гарадскіх памыйніц. Мерапрыемства будзе адкрытым. I кожны смалянін зможа даведацца, хто "набыў" памыйніцу ў яго раёне, а адпаведна, і павінен яе знішчыць.  Вылучаць грошы на ліквідацыю смецця будзе адміністрацыя горада. На гэтыя сродкі пераможцы павінныя не толькі вывезці адкіды, але і правесці пасля гэтага прыборку. У некаторых выпадках, магчыма, нават давядзецца аднаўляць парушаны ландшафт.

На ліквідацыю гарадскіх памыйніц адміністрацыя Смаленску гатовая вылучыць ад трыццаці да трохсот тысяч рублёў. Больш за ўсіх "пашанцавала" жыхарам вуліцы Малая Чырванафлоцкая, дзе знаходзіцца самая "дарагая" памыйніца — гэта яр плошчай 2000 квадратных метраў, засыпаны побытавым смеццем і галінкамі. Каб пазбавіцца ад яе, гарадскія ўлады гатовыя ахвяраваць больш за 340 тысячаў рублёў, адзначае сайт "Смоленские новости".