У Смалявічы вяртаецца дзень цвярозасці

Цэлы дзень у пятніцу ў Смалявічах і раёне абмяжуюць продаж алкаголю. У аддзеле ідэалогіі райвыканкаму Еўрарадыё патлумачылі, што ў раёне выраслі паказчыкі злачынстваў у стане алкагольнага ап'янення. Але ж мясцовыя ідэолагі разумеюць, што з абсалютнай забаронай продажу алкаголю могуць з'явіцца незадаволеныя. Таму зусім забароняць продаж увечары і бліжэй да ночы. У гэты час не будуць прадаваць нават піва.

Ідэолаг райвыканкаму: "Ясная справа, што тыя, хто п'е, яны не перастануць піць. Але важна звярнуць увагу на гэта. І шмат мерапрыемстваў будуць накіраваныя на працу з моладдзю".

Планы на дзень цвярозасці ў горадзе - па-напалеонаўску маштабныя. Мяркуюцца спартовыя спаборніцтвы, лекцыі на прадпрыемствах, святочны канцэрт з удзелам мясцовых выканаўцаў і дыскатэка. А па горадзе пусцяць спецыяльны аўтобусны маршрут.

Пра гэта распавялі Еўрарадыё ў мясцовым БРСМ: "Будзе заўтра па горадзе маршрут цвярозасці. Гэта маршрутны аўтобус, на якім мы напішам "Маршрут цвярозасці". Там будуць дзяўчынкі ў БРСМаўскіх кашульках раздаваць улёткі пра тое, што алкаголь шкодны і піва піць нельга".