На Смаргоншчыне расследуюць справу аб выпадзенні дзіця з аўтобуса
11-гадовы хлопчык атрымаў цяжкія траўмы галавы.
Крымінальную справу па факце выпадзення дзіця з аўтобуса ў Смаргонскім раёне распачаў Следчы камітэт. Паводле інфармацыі БЕЛТА, дарожнае здарэнне адбылося 24 чэрвеня ля прыпыначнага пункта ў аграгарадку Солы. Дзверы аўтобуса, у якім ехалі дзеці, чамусьці былі незачыненыя за некалькі метраў да прыпынку. Хлопчык 2004 года нараджэння выпаў з аўтобуса падчас руху транспартнага сродку. Пакуль невядома, ці ён выпаў, не ўтрымаўшыся, ці то сам скочыў з аўтобуса.
Школьнік трапіў у лякарню з цяжкімі траўмамі галавы.
Кіроўцу аўтобуса 1967 года нараджэння падазраюць у парушэнні правілаў эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула за сабой нанясенне па неасцярожнасці цяжкога цялеснага пашкоджання дзіцяці. Вядома, што кіроўца быў цвярозы. Прызначаныя экспертныя даследаванні, якія вывучаюць абставіны транспартнага здарэння, а таксама тэхнічны стан аўтобуса.
Дзіця, нягледзячы на складаныя траўмы, ідзе на папраўку і яго стан цяпер блізкі да здавальняючага.
Фота з архіву