У статуі Свабоды з'явіцца індыйскі канкурэнт

Улады індыйскага штата Махараштра вырашылі ўсталяваць недалёка ад узбярэжжа Мумбаі статую махараджа Шываджы. Па словах уладаў, манумент павінен стаць канкурэнтам статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.

Паведамляецца, што статуя будзе ўсталяваная на штучным востраве, дзе таксама будуць пабудаваныя бібліятэка, музей і амфітэатр. Манумент мяркуецца вырабіць з бронзы, яго памеры будуць блізкімі да памераў амерыканскай статуі Свабоды. Кошт праекту складае больш за 4,5 мільёны долараў.

Махарадж Шываджы жыў і кіраваў у XVII стагоддзі нашай эры. Ён узначальваў барацьбу маратхаў супраць прыгнёту Вялікіх Маголаў і стварыў незалежную маратхскую дзяржаву. Ён лічыцца нацыянальным героем маратхаў.

Нагадаем, што вядомы расійскі скульптар Зураб Цэрэтэлі заявіў пра намер вылепіць у памяць аб ахвярах рэпрэсій стометровую статую Ісуса Хрыста.

Фота: www.krugosvet.ru