У студэнта-завочніка ЕГУ адбыўся ператрус

Ператрус, ілюстрацыйнае фота

Ператрус, ілюстрацыйнае фота

Пасля прызнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта "экстрэмісцкім фармаваннем" рэжым Лукашэнкі пачаў ціск на студэнтаў-завочнікаў гэтай установы.

Як паведамляе выданне KYKY, як мінімум да аднаго з завочнікаў прыйшлі з ператрусам сілавікі. Паводле звестак выдання, маладога чалавека нібыта прымусілі напісаць заяву на адлічэнне, а пластыкавую картку яго літоўскага ДНЖ разрэзалі.

Яшчэ адну студэнтку-завочніцу ЕГУ звольнілі з працы ў Беларусі адразу пасля прызнання ўніверсітэта "экстрэмісцкім".

У гутарцы з журналістамі адна са студэнтак-завочніц прызналася, што хацела б пакінуць Беларусь, але не мае фінансавай магчымасці: "Для мяне ўсё, што адбываецца — велізарны шок, таму што ўніверсітэт не вядзе ніякую "экстрэмісцкую дзейнасць". Там самыя звычайныя прадметы, самыя звычайныя пары, звычайныя экзамены. Я не разумею, чаму склалася такая сітуацыя. Гэта нелагічна і няправільна".

Пра тое, што ЕГУ, размешчаны ў Вільні, прызналі ў Беларусі "экстрэмісцкай арганізацыяй", стала вядома 14 красавіка. На тэрыторыі Беларусі забароненая дзейнасць універсітэта, а таксама яго сімволіка і атрыбутыка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.