У суботу прадстаўнікі Далай-ламы прыбудуць у Пекін

Прадстаўнікі Далай-ламы, які жыве ў выгнанні ў Індыі, прыедуць у Пекін для перамоваў з уладамі КНР, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Тыбецкага ўрада ў выгнанні.  Далай-лама доўгі час заклікае да  аднаўлення дыялогу з афіцыйным Пекінам. Улады КНР падкрэслівалі, што “дзверы да дыялогу адчыненыя”, але патрабавалі ад духоўнага лідэра Тыбета “поўнай адмовы ад сепаратысцкай дзейнасці, накіраванай на раскол краіны, прызнання Тыбета і Тайваня неаддзельнымі часткамі Кітая, адмовы ад падрыву аўтарытэту пекінскай Алімпіяды”.

“Падчас кароткага візіту пасланцы абмяркуюць крызіс у тыбецкіх раёнах, агучаць глыбокую занепакоенасць яго святасці Далай-ламы спосабам дзеяння кітайскіх ўладаў і выкажуць прапановы па мірным урэгуляванні ў рэгіёне”, - гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на старонцы Тыбецкага ўрада ў выгнанні.

10 сакавіка ў сталіцы Тыбецкай аўтаноміі Лхасе пасля разгону ўладамі дэманстрацыі, пачалося паўстанне тыбетцаў супраць кітайскай акупацыі. Паўтанне было здушанае, тысячы яго ўдзельнікаў трапілі за краты або былі застрэленыя.  

Паводле КНР, завадатарам беспарадкаў выступае Далай-лама. Будысцкі лідэр Тыбету падкрэсліваў, што не падтрымлівае  заклікаў да байкоту летняй Алімпіяды ў Кітаі з-за сітуацыі ў Тыбеце.

Newsby