У свеце адзначаюць 65-я ўгодкі вызвалення Асвенціма

27 студзеня ў былым нацысцкім лагеры смерці Асвенцім праходзяць жалобныя мерапрыемствы. У лагеры сустрэліся былыя вязні, палітыкі, грамадскія і рэлігійныя дзеячы. У жалобным мерапрыемстве бяруць удзел прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, прэм'еры Ізраіля і Польшчы Біньямін Нетаньяху і Дональд Туск, іншыя дзяржаўныя дзеячы. Ад Нямеччыны прыехалі дзяржміністарка МЗС Карнелія Пепэр і намесніца старшыні бундэстага Петра Паў.

Бундэстаг Нямеччыны праводзіць адмысловае паседжанне, каб ушанаваць памяць ахвяр нацыянал-сацыялістычнага рэжыму, паведамляе Onet.pl.

Падчас баёў за вызваленне Асвенціма 27 студзеня 1945 года загінулі каля 200 савецкіх салдатаў. Падчас другой сусветнай вайны ў канцлагеры было знішчана больш за 1,1 мільёна чалавек. Большасць з іх - габрэі з еўрапейскіх краін, а таксама савецкія палонныя, грамадзяне Польшчы і іншых дзяржаваў.