У Светлагорску кавярню перарабілі на царкву

Драўляная пабудова былой дзіцячай кавярні стаіць у Парку культуры і адпачынку. Пасля таго, як з-за недахопу фінансаў дэмантавалі атракцыёны, хадзіць туды з дзецьмі мясцовыя перасталі.
“Тры парасяці” знаходзіліся на балансе раённага жыллёва-камунальнага прадпрыемства “Светач”. У сакавіку 2007 г.  за хабарніцтва гендырэктар “Светача” Віктар Чарняўскі быў асуджаны на 8 гадоў зняволення. Як усталявана, хабар даваўся за станоўчае вырашэнне пытання аб арэндзе і выкупе кавярні. Прадпрымальніка Валерыя Бараноўскага, які быў прызнаны вінаватым у перадачы грошаў, асудзілі на 2 гады. У судзе В.Чарняўскі сваёй віны не прызнаў, а В.Бараноўскі пагадзіўся толькі з асобнымі эпізодамі.

Урэшце мясцовая ўлада вырашыла перадаць “праблемную” пабудову царкве. На адкрыццё быў запрошаны архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх. Храм назвалі ў гонар Кірылы Тураўскага, біскупа Тураўскай епархіі ў ХІІ ст. Мяркуецца, што з цягам часу тут будзе ўзведзены вялікі будынак, які зойме месца былога атракцыёна “Вясёлыя горкі”.