У Свіслачы спусцілі ваду, каб праверыць апоры набярэжных

У Мінску перад капітальным рамонтам праводзіцца абследаванне набярэжнай Свіслачы. Як паведаміў начальнік дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Камунальная гаспадарка Мінгарвыканкама" Мікалай Драмук, пачатак рамонту будзе залежаць ад тэрмінаў праектавання, якое праводзіць інстытут "Мінскпраект".
Паводле інфармацыі Драмука, эскізы праекта ўжо ёсць. Як зазначыў начальнік аб'яднання, для правядзення абследавання ўзровень вады ў Свіслачы паніжаны на ўчастку ад Камсамольскага возера да парка Горкага.

Праекціроўшчыкі праводзяць абследаванне апорных канструкцый. У некаторых месцах набярэжная стаіць на драўляных сваях і трэба прыняць рашэнне адносна таго, ці вытрымаюць яны нагрузку пасля капрамонту. Паводле слоў Драмука, узровень ракі плануецца павысіць праз паўтара тыдня, пасля заканчэння даследчых работ.

БелаПАН