У Свіслацкім раёне двое рыбакоў праваліліся пад лёд (фота)
Супрацоўнікі МНС паспелі выратаваць мужчын ад смерці.
Двое рыбакоў ледзь не загінулі на рацэ ў вёсцы Стокі Свіслацкага раёну — яны праваліліся пад тонкі лёд. Гэта здарылася 26 лютага ў першай палове дня. Відавочца патэлефанаваў на лінію МНС і выклікаў спецыялістаў. Тыя 15 хвілінаў, пакуль выратавальнікі дабіраліся да месца здарэння, рыбакі трымаліся ў халоднай вадзе ў 30 метрах ад берага.
Выратавальная аперацыя прайшла паспяхова — мужчын выцягнулі на бераг і даставілі ў лякарню з пераахаладжэннем арганізму. Рыбакі 1971 і 1960 гадоў нараджэння не ўлічылі, наколькі тонкі на рацэ лёд у гэтую пару, перадае прэс-служба МНС.


