У трыб'юце Neuro Dubel возьме ўдзел Паліна Смолава

Пасля выхаду свайго апошняга альбома «Stasi» музыкі Neuro Dubel вырашылі доўга не сядзець на месцы і працаваць далей. Па словах Аляксандра Кулінковіча, ідэя трыб'юта паўстала ўжо даўно, але «да справы неяк не даходзіла».

"Усё робіцца на грамадскіх пачатках, - гаворыць Кулінковіч, - дамоўленасць са студыяй гуказапісу існуе ўжо даўно. Шмат хто з нашых калег мог бы і жадаў бы выканаць нашыя песні".

На ўдзел у трыб'юце далі згоду ўжо прыблізна трыццаць музыкаў. Сярод іх такія імёны, як «Крама», «N.R.M.», «Ляпіс Трубяцкі», Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя.

Сам жа лідэр Neuro Dubel у творчы працэс не ўмешваецца: «Кожны выканаўца сам выбірае песню, якую жадае выканаць. Нават калі кампазіцыі будуць паўтарацца, гучанне ў іх будзе цалкам рознае, таму я не хвалююся. Самому цікава, што з гэтага атрымаецца».

Аляксандр Кулінковіч прызнаўся,што дамоўленасць аб удзеле ў трыб'юце была не толькі з рок-музыкамі, але таксама і з эстраднымі выканаўцамі. Ужо атрымана папярэдняя згода ад Паліны Смоловай і Аляксея Хлястова. Аднак пакуль ім перашкаджае шчыльны працоўны графік.

Тым часам у Neuro Dubel ёсць яшчэ адна радасная навіна. Канцэрт-прэзентацыя альбома «Stasi» усё-ткі адбудзецца! Доўгачаканае мерапрыемства пройдзе 17 лютага ў мінскім клубе «Гудвін».

Фота: www.zvezdi.ru