У Варшаве адмянілі канцэрт “Салідарныя з Беларуссю”

З-за нацыянальнай жалобы ў Польшчы адменены канцэрт “Салідарныя з Беларуссю”, які мусіў адбыцца 11 красавіка на Тэатральнай плошчы ў Варшаве.
Як паведаміла Еўрарадыё арганізатар канцэрту Вікторыя Хакімава, да гэтага часу невядома, ці канцэрт адмяняецца зусім ці будзе перанесены.

Вікторыя Хакімава: “Я думаю, нават калі канцэрт адбудзецца, то не раней чым праз некалькі тыдняў ці праз месяц. Мы можам запрасіць яшчэ раз польскіх музыкаў, але беларускім выканаўцам патрэбны час, каб зрабіць сабе новую візу”.

З музыкаў, якія планавалі граць на канцэрце, цяпер у Варшаве знаходзяцца гурты Рэха, Спрат і Слава Корань.

Арганізатары — ініцыятыва “Вольная Беларусь” — думаюць над тым, каб склікаць 11 красавіка прэс-канферэнцыю, на якой яны змаглі б афіцыйна выказаць спачуванні польскаму народу.