У Віцебску адбудзецца юбілейны фестываль сучаснай харэаграфіі

У Віцебску адбудзецца юбілейны, дваццаты міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC). Ён пройдзе з 21 па 25 лістапада з удзелам 19 калектываў з Беларусі, Расіі, Фінляндыі, Кітая, Эстоніі, Літвы ды іншых краін свету. Падрабязнасці паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“IFMC сярод падобных фестываляў - аўтарытэтны доўгажыхар. У розныя гады яго удзельнікамі, лаўрэатамі і гасцямі былі сапраўдныя зоркі стылю contemporary dance. Сёлета з нагоды юбілею міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі у Віцебску не будзе.

Замест яго арганізатары фестывалю вырашылі зрабіць своеасаблівы экскурс у гісторыю жанра. Спецыяльна дзеля гэтага многія вядомыя калектывы аднаўляюць свае даўнія творы. Упершыню ў гісторыі IFMC у рамках фестывалю пакажуць і класічны балет”.


Адзначым, што Нацыянальны Акадэмічны Вялікі тэатр Рэспублікі Беларусь прывязе ў Віцебск балет "Шчаўкунок".