У Віцебску будуць судзіць фальсіфікатараў паліва

Амаль два мільярды беларускіх рублёў зарабілі на махлярстве з пастаўкамі паліва трое супрацоўнікаў адной з віцебскіх фірм. Як паведамілі ва ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, замест дарагога дызельнага паліва яны прадавалі прадпрыемствам танную сумесь з керасіну, рэактыўнага і пячнога паліва. Адрозніць сумесь ад сапраўднага дызельнага паліва было амаль немагчыма. Дарэчы, кіраўнікі некаторых з 13 прадпрыемстваў, што набывалі "кактэйль", нават пасля арышту злачынцаў не разумеюць, у чым быў падман і сцвярджаюць, што атрымлівалі ад фірмы дызельнае паліва.

Праваахоўныя органы робяць свае высновы на падставе рэвізій, а таксама паказанняў прадпрымальніка, які вырашыў "пераняць досвед" па фальсіфікацыі паліва, але быў затрыманы. Цікава, што большую частку атрыманых злачынным шляхам грошай супрацоўнікі фірмы выдаткавалі на развіццё свайго прадпрыемства. Днямі справа была перададзена ў суд.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск