У Віцебску на подыум выйшлі бабулі-панкі

Вы калі-небудзь бачылі шасцідзесяцігадовую бабулю “іракезам”тырчма, у строях, аздобленых вялізарнымі булаўкамі, значкамі ды ланцугамі? Ды яшчэ каб бабуля ва ўсім гэтым вар’яцтве выглядала як сапраўдная лэдзі? Калі не бачылі, значыць, вы не былі ў Віцебску на “Белай Амфары”. На конкурсе мадэльераў-дызайнераў, які праходзіў тут з 17 па 20 траўня, калекцыя Сашы Томсена з Нямеччыны пад назвай “That’s why the lady is a punk” стала, бадай, самай хуліганскай. Вось вам і “характар нардычны, ураўнаважаны”! Апрануўшы ў стылі панк пяць жанчын ва ўзросце ад 55 да 65 гадоў, з якіх ні адна не з’яўляецца прафесійнай манекеншчыцай, Саша атрымаў другую прэмію ў намінацыі “У рытме жыцця” і ашаламляльны поспех у гледачоў. З яго прыкольнымі мадэлямі нават фатаграфаваліся на памяць.

Паводле самога нямецкага мадэльера, ён зрабіў калекцыю для сталых нефармалак не проста так, а намагаючыся даследаваць перспектыўны рынак. Еўропа старэе, якасць жыцця тамтэйшых пенсіянераў павышаецца, і ўсё большая частка лэдзі постбальзакаўскага ўзросту застаюцца маладымі душой.

Гран-пры конкурсу мадэльераў-дызайнераў паехаў у Іванава. Дзве расійскія студэнткі, Святлана Грудачкіна ды Яўгенія Ярмілава, атрымалі вышэйшую ўзнагароду за калекцыю “Белая Бэла - Чорная Бэла”. Калекцыю яны рабілі ў намінацыі “Шагал з Віцебску ў Парыж”, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння Майстра. Дарэчы, дзяўчаты ўпершыню бяруць удзел у конкурсе мадэльераў. А калекцыю, як расказала Жэня, зрабілі таму, што… знайшлі на дарозе рулон чорнай тканіны. У рулоне аказалася тысяча метраў.

З іх і вырашылі пашыць калекцыю на конкурс. Каб зразумець, што ж гэта за з’ява ў сусветнай культуры - Шагал - дзяўчаты не толькі вывучалі яго творы, але і чыталі ўсё, што здолелі знайсці. Асабліва ўразілі іх лісты Шагала да Бэлы. З гэтых лістоў і нарадзілася чорна-белая калекцыя.

На “Белай Амфары” традыцыйна праводзіўся конкурс мадэльных агенцтваў. У апошні час, у святле барацьбы з гандлярамі людзьмі, конкурс агенцтваў ціхенька памёр. Але застаўся конкурс манекеншчыц і деманстратараў. Максіму Браўнову, які атрымаў узнагароду як лепшы дэманстратар адзення, па водгуках журы, не сорамна паказацца нават на лепшых подыумах Парыжа.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск.