У Віцебску пабудуюць дом дзядзькі Марка Шагала

Восенню ў Віцебску на вуліцы Пакроўскай побач з Музеем Марка Шагала плануецца распачаць узвядзенне лёзненскага дома, намаляванага на карціне вялікага мастака. Пра гэта паведаміла дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая. Паводле яе слоў, у сваёй рабоце "Дом у Лёзне", напісанай у 1914 годзе, Шагал адлюстраваў дом дзядзькі Зусмана Шагала.

Цяпер у Лёзне не засталося такіх будынкаў, і канкрэтнае месца размяшчэння гэтага дома, на жаль, не ўдалося вызначыць.

А вось у Віцебску побач з музеем — пустэча, у якую выдатна ўпішацца гэты будынак, тыповы для забудовы ўскраін беларускіх гарадоў на мяжы XIX-XX стагоддзяў.

Як адзначыла Хмяльніцкая, у доме, будаўніцтва якога зойме каля года, плануецца адкрыць цырульню, кавярню і невялікі гатэль.

Апрача таго, як паведаміла дырэктар, у пачатку вуліцы Льва Талстога насупраць будынка ратушы прадугледжваецца аднаўленне цаглянага гатэля "Брозі", у якім жыла сям'я жонкі Шагала Бэлы Розенфельд.

БелаПАН