У Віцебску шукаюць падпальшчыка міліцэйскіх аўтамабіляў

Пяць аўтамабіляў цягам двух тыдняў падпаліў невядомы злачынца ў Чыгуначным раёне Віцебска. Два з іх належаць супрацоўнікам міліцыі.  Падрабязнасці дазналася нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Адзін з "міліцэйскіх" аўтамабіляў быў прыпаркаваны проста побач з РАУС. Нейкім цудам злачынца не трапіў у поле зроку відэакамеры, але як палала машына, камера зафіксавала.

Пацярпелі і аўтамабілі, што належаць прадпрымальнікам. Два з іх - эксклюзіўныя мадэлі "Крайслера" ды "Хонды". Такіх аўтамабіляў у Віцебску было толькі па адным”. 


У Чыгуначным РАУС не знайшлі ніякай сувязі паміж гаспадарамі спаленых аўтамабіляў. Нават супрацоўнікі міліцыі, машыны якіх згарэлі, не былі знаёмыя паміж сабой.

У адным міліцыянты ўпэўненыя - гэта не дзіцячае свавольства, але матывацыю злачынцы зразумець пакуль не могуць.

Аўтамабілі невядомы аблівае сумессю нейкіх гаручых вадкасцяў, на “працу” выходзіць заўсёды ноччу.