У Віцебску страйк падтрымалі каля 20% прадпрымальнікаў

Страйк у Віцебску праходзіць амаль незаўважна. Прадпрымальнікаў, якія вырашылі падтрымаць акцыю, няшмат.

Паводле слоў намесніка старшыні рэспубліканскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоля Шапавалава, напярэдадні страйку намеснік старшыні гарвыканкаму Уладзімір Яравікоў загадаў кіраўнікам рынку зрабіць усё, каб прадпрымальнікі 19 снежня працавалі. Адміністрацыі рынкаў, у сваю чаргу, націснулі на прадпрымальнікаў.

Анатоль Шапавалаў: “Учора прадпрымальнікам па радыёкропцы пасля 14 гадзін казалі наступнае: будзеце пазбаўленыя працоўных месцаў, хто не выйдзе на працу”.

Як распавёў Шапавалаў, з раніцы ўзяць удзел у страйку мелі намер значна больш людзей, але пад уплывам адміністрацыі распачыналі працу.

Анатоль Шапавалаў: “У дзевяць гадзін я праходзіў, мабыць, адсоткаў 25 не працавала, цяпер — адсоткаў 15”.

Як распавядаюць прадпрымальнікі, што гандлююць на Полацкім рынку у Віцебску, за дзень да страйку адміністрацыя паведаміла аб новых правілах.

Прадпрымальнік: “Дзень не выходзіш на рынак — павінен напісаць заяву за тры дні. У паездку едзеш ці яшчэ куды — раней ніякіх заяў не пісалі, а зараз трэба”.

Тым часам, як паведаміла старшыня рэспубліканскага прафсаюза "Разам" Ірына Яскевіч, прадпрымальнікі, што ўваходзяць у гэтую арганізацыю, палічылі сённяшнюю акцыю нясвоечасовай, і таму не бяруць ў ёй удзел. Актывісты, што падтрымалі страйк, незадаволеныя адсутнасцю адзінства сярод прадпрымальнікаў.

Прадпрымальніца: “Людзі не разумеюць, што адбываецца. Яны думаюць, што іх гэта не датычыцца. Але з Новага года гэта ўсіх закране. Сёння прасілі не выйсці, не працаваць — і што атрымалася? Адсоткаў 70 выйшла, адсоткаў 30 стаіць. Вось такая сітуацыя ў нас на рынку".

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск