У Віцебску стварылі адзіную дыспетчарскую службу

Віцебскі гарвыканкам вырашыў стварыць у горадзе адзіную службу выратавання, накшталт вядомай амерыканскай "службы 911".  Цяпер жыхарам абласнога цэнтра не трэба вучыць на памяць тэлефоны ўсіх аварыйных службаў. Калі здарыцца нешта з каналізацыяй, святлом ці іншымі сістэмамі жыццязабеспячэння, можна тэлефанаваць пажарным па тэлефоне 101.

Там сігнал зарэгіструюць і перанакіруюць тым спецыялістам, хто павінен займацца ліквідацыяй нештатнай сітуацыі. Дарэчы, выратавальнікі і прасочаць, як яна будзе вырашацца.

У сістэму адзінай службы выратавання ўваходзяць не толькі прадпрыемствы па абслугоўванню электрасетак, каналізацыі і вадаправода, але і… мясцовы мясакамбінат, аб'яднанне "Малако" ды іншыя прадпрыемствы.

З часам адзіную дыспетчарскую службу плануецца стварыць ва ўсіх раёнах вобласці. На гэтыя мэты ўжо выдаткавана каля 500 мільёнаў беларускіх рублёў.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск