У Віцебску за ўваход у музей расплочваліся… ведамі

У Віцебску ноч музеяў правялі 16 траўня. Ноч у абласным краязнаўчым музеі адбылася, як заўжды, нядоўгай – з шасці да адзінаццаці вечара. Білет на імпрэзу каштаваў пяць тысяч беларускіх рублёў, але ў кожнага быў шанец замест грошай расплаціцца… ведамі. На ўваходзе супрацоўніца музея задавала наведнікам пытанні, што тычыліся жыцця і творчасці Яна Баршчэўскага. Каб прайсці бясплатна, трэба было правільна адказаць на два-тры пытанні. Знаўцаў творчасці Баршчэўскага набралося каля трыццаці чалавек.

Супрацоўніца музею: "Жадаючыя паказаць свае веды і атрымаць бясплатны квіток былі ў асноўным маладыя людзі, недзе ад дзевятага класа і год да дваццаці пяці. С задавальненнем адказвалі на пытанні, добра ведаюць, хто была каханая дзяўчына Яна Баршчэўскага, дзе захоўваюцца ягоныя лісты, калі ён нарадзіўся, з якой сям’і паходзіў. І я хачу адзначыць, што пытанні, якія мы задавалі, былі не толькі па школьнай праграме".

У чатыры гадзіны супрацоўнікі музею ўмясцілі шэраг імпрэзаў. Наведвальнікі маглі пагутарыць і сфатаграфавацца з самім панам Завальнем і ягонай жонкай, наведаць выставы, выпіць духмянай гарбаты, паглядзець міні-спектаклі і харэаграфічныя перфомансы.

То тут, то там  ў залях сядзелі жывыя экспанаты – супрацоўнікі музею ды студэнты віцебскіх ВНУ пераапрануліся ў герояў твораў Яна Баршчэўскага ды персанажаў беларускага фальклору. Лясун, дух Фарон, русалка, кот Варгін ды іншыя нячысцікі прыцягвалі ўвагу, а вось рыбак Родзька сумна сядзеў у сваім куточку. З ім амаль не фатаграфаваліся – звычайны ж хлопец, хаця і сімпатычны. Белая сарока адорвала кожнага галінкай з белай стужачкай – на шчасце, а Драўляны Дзядок прапаноўваў паваражыць, выцягнуўшы з гаршэчка паперку з прыказкай. Удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” паказалі, як танчылі нашы продкі, экскурсавод расказала пра звычаі лесуноў ды ваўкалакаў. А як сцямнела - на двары зладзілі файер-шоу.

Дарэчы, шэраг музейных установаў Віцебшчыны свае “ночы музеяў” яшчэ толькі плануе правесці.