У Віцебску злавілі банду аўтазлодзеяў

Чацвёра жыхароў Віцебска былі затрыманы ў выходныя ў Віцебскай вобласці. У пяць гадзін раніцы яны залезлі ў фуру, прыпаркаваную на аўтастаянцы аднаго з кемпінгаў на трасе Мінск-Віцебск, і скралі каля паўсотні аўтамабільных літых дыскаў.  Паводле супрацоўнікаў абласнога упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, гэтыя чацвёра на працягу года займаліся крадзяжамі з фураў. Дзейнічалі злачынцы так акуратна, што кіроўцы нават не заўважалі, што частка грузу знікла. Факт крадзяжу ў большасці выпадкаў выкрываўся толькі за межамі Беларусі, калі гаспадар атрымліваў свой груз. Злачынцам, паводле папярэдніх высноваў, пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 12 гадоў.