У Віцебску з'явіўся помнік Яну Паўлу ІІ

Помнік Папу Рымскаму Яну Паўлу II з'явіўся ў Віцебску. Ён усталяваны каля культурна-рэлігійнага цэнтра, які належыць прыходу Ісуса Літасцівага Віцебскай епархіі рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Адкрыццё манумента было прымеркавана да памятнай даты – 30-годдзя з моманту абрання Яна Паўла II на апостальскі пасад у Рыме. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і асвячэнні помніка прынялі ўдзел апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, консул Польшчы ў Мінску Кшыштаф Свідэрак і іншыя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, а таксама шматлікія вернікі. Пасля літургіі адбыўся канцэрт мінскага хору.

Дарэчы, самы першы ў Беларусі помнік, прысвечаны пантыфіку, з'явіўся таксама на Віцебшчыне — перад цэнтральнай брамай касцёла святой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна 15 жніўня 2005 года.

Народныя навіны Віцебска