У Вілейцы з'явілася вуліца легендарнага гетмана Орліка

Вуліца легендарнага гетмана Піліпа Орліка (1672 - 1742) з'явілася ў Вілейцы. Гэты дзяржаўны дзеяч, дыпламат, змагар за незалежнасць Украіны нарадзіўся ў вёсцы Касута ў цяперашнім Вілейскім раёне, аднак большую частку свайго жыцця правёў далёка ад Беларусі. Ён стаў гетманам Запарожскай сечы, аўтарам першай украінскай Канстытуцыі (яна была прынятая ў 1710 годзе).

Біёграфы Орліка сцвярджаюць, што ён часта згадваў пра Бацькаўшчыну ў сваіх дзённіках ды падтрымліваў шчыльныя сувязі з тагачаснымі беларускімі рэлігійнымі дзеячамі.

Толькі нядаўна памяць пра славутага земляка пачала годна ўшаноўвацца ў Беларусі і на яго малой радзіме - Вілейшчыне.