У Вільні будуць судзіць літоўца, беларускага ці расійскага шпіёна
У суд перададзена рэзанансная крымінальная справа, у якой грамадзянін Літвы абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы.
Як адзначае Радыё Свабода, інфармацыя пра гэтую справу супярэчлівая. Адныя літоўскія крыніцы паведамляюць, што літовец Р. Л. збіраў "сакрэтную інфармацыю на карысць Беларусі", што стала вядома ў выніку доўгатэрміновай выведнай аперацыі, якую правёў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы. Дасудовае следства вялі супрацоўнікі бюро Літоўскай крымінальнай паліцыі, а каардынавала яго Генеральная пракуратура. Крымінальная справа ў панядзелак была перададзеная Віленскаму акруговаму суду.
Іншыя крыніцы не паведамляюць краіну, на якую працаваў затрыманы літовец. Дапускаецца нават, што гэта можа быць Расія. Падрабязнасці справы мусяць з'явіцца ў літоўскіх СМІ ўжо ў самы бліжэйшы час.
Фота — Fotolia