У Вільні пройдуць мерапрыемствы ў гонар Кастуся Каліноўскага

"Дзень памяці Кастуся Каліноўскага" пройдзе ў Вільні. Яго ладзіць на 146-я ўгодкі смерці кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі і Літве ініцыятыва "Беларуская Нацыянальная Памяць".  21 сакавіка а 12-й гадзіне ў навучальным корпусе ЕГУ па вуліцы Valakupių, 5 з адкрытымі лекцыямі, прысвечанымі Каліноўскаму і паўстанню 1863 года, выступяць гісторыкі і краязнаўцы.

У 15.30 адбудзецца шэсце ад Лукішскага пляцу да гары Гедыміна, дзе, як лічыцца, быў пахаваны Кастусь Каліноўскі.

Кіраўнік "Беларускай Нацыянальнай Памяці" Анатоль Міхнавец мяркуе, што гэтыя мерапрыемствы павінны зацікавіць беларусаў, якія жывуць у Вільні:

"У такім фармаце “Дзень памяці Каліноўскага” адбываецца ў першы раз. Заклікаем усіх, хто мае магчымасць, далучыцца. Калі афіцыйныя ўлады ў Беларусі не хочуць ушаноўваць памяць Каліноўскага і іншых змагароў за вольнасць нашага краю, то гэта абавязак усіх свядомых людзей“.