У войску Іван Шыла "скрадае час", каб здаць іспыт па англійскай мове

Маладафронтаўцу Івану Шылу, прымусова прызванаму ў войска, дазволілі здаць іспыт па англійскай мове. Дазвол быў дадзены пасля звароту кіраўніцтва "Маладога фронту" да міністра абароны Леаніда Мальцава.
Між тым, хлопцу няма магчымасцяў рыхтавацца да іспытаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў бацька "палітпрызыўніка" Ўладзімір Шыла:

Уладзімір Шыла
: “Калі на пачатку службы вольнага часу наогул не было, то цяпер Іван сказаў, што можна неяк навучыцца "скрадаць" час. Усё-ткі магчымасці ёсць — не вельмі вялікія, але ёсць. Там няма такога, што, напрыклад, афіцыйна ён можа вечарам дзве гадзіны займацца. Ніхто выключэнняў не робіць. Гэта яго прыватная справа: калі хоча здаць іспыт — мусіць знаходзіць час для падрыхтоўкі”.

Па словах бацькі, Іван узяў з сабой у вайсковую часць падручнікі па англійскай мове і тэксты для падрыхтоўкі, калі нядаўна прыязджаў на два дні дадому.

Нагадаем, што Іван Шыла быў выключаны са школы ў чэрвені 2008 года перад апошнім іспытам. Афіцыйная матывацыя — неаднаразовае парушэнне ўнутранага распарадку навучальнай установы, які забараняе вучням удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях.