У выкладчыкаў віцебскага інстытута скралі заробкі

Віцебская міліцыя яшчэ не здолела знайсці злодзеяў, якія скралі стыпендыю ў першакурснікаў Акадэміі ветэрынарнай медыцыны, як днямі ў горадзе абрабавалі яшчэ адну навучальную установу — Віцебскі філіял Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносінаў.
Супрацоўнікі бухгалтэрыі інстытуту пайшлі паснедаць, пакінуўшы ключы ад сейфу на стале ў замкнёным кабінеце. Злодзей нейкім чынам адчыніў дзверы і скраў з сейфа каля 15 мільёнаў — унёскі студэнтаў-завочнікаў за навучанне, а таксама частку заробку выкладчыкаў.

Два крадзяжы з вышэйшых навучальных установаў вельмі падобныя, але праваахоўныя органы пакуль не робяць высноваў аб тым, што іх здзейсніў адзін і той жа злодзей.

Калі ў вобласці здарыцца яшчэ нешта падобнае, начальнік УУС Леанід Фармагей мае намер прыцягнуць да крымінальнай адказнасці кіраўніцтва прадпрыемства ці арганізацыі, дзе адбудзецца злачынства — за халатнасць.

Леанід Фармагей: “Калі мы правяраем — няма сігналізацыі, ідуць снедаць — не зачыняюць дзверы, ніякіх захадаў для ўмацавання гэтых месцаў не робяць.

І я думаю, дачакаюцца ў мяне кіраўнікі, калі здарыцца яшчэ нейкі крадзеж ці разбойны напад, калі будзе заўважана халатнасць кіраўніцтва, будзем прымаць жорсткія меры, да распачынання крымінальнай справы”.