У Японіі загінулі больш за 5 тысяч чалавек
Паводле афіцыйных звестак, амаль 9 тысяч чалавек лічацца зніклымі без вестак.
Вады ў адсеку з адпрацаваным ядзерным палівам пры 4-м рэактары АЭС "Фукусіма-1" ужо не засталося. Японскае войска спрабавала панізіць узровень апраменьвання на 3-м рэактары, скідваючы на яго ваду з верталётаў, але аперацыя не прынесла вынікаў. Тым не менш японскае Агенцтва ядзернай і прамысловай бяспекі сцвярджае, што ўзровень радыяцыі на АЭС паніжаецца.
Па даручэнні ўраду японская паліцыя падрыхтавала спецыяльную вадзяную пушку, з дапамогай якой ахалоджваюць чацвёрты рэактар, паведамляе польскі партал tvn24.pl са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачанне NHK.
Узровень апраменьвання на тэрыторыі "Фукусімы-1" пачаў паніжацца першы раз цягам апошніх 12 гадзін. На паўночнай браме ён склаў 725 мілізівертаў, на заходняй — 338 мілізівертаў за гадзіну. Гэта значна больш, чым павінна быць, але небяспека ўжо мінула, перадае японскае Агенцтва ядзернай і прамысловай бяспекі.
Каля 3 гадзіны ночы па беларускім часе распачалася акцыя Японскіх сілаў самаабароны па ахалоджванні рэактараў з дапамогай ваенных верталётаў. Першы груз з вадой быў скінуты на 3-ці рэактар. Пазней да ахалоджвання гэтага рэактара далучылася яшчэ адна машына. За адзін раз такі верталёт можа перавезці 7,5 тон вады. Падобная аперацыя скончылася няўдачай ў сераду з-за вельмі вялікага ўзроўню апраменьвання. Да ўсіх машын прымацавалі антырадыяцыйныя абалонкі з волава, але кожны верталёт можа знаходзіцца побач з рэактарам толькі 40 хвілін.
Завіснуць над рэактарамі і скінуць ваду дакладна туды, куды трэба, так і не атрымоўвалася з-за высокага ўзроўню радыяцыі. Акцыя скончылася каля 4.30 беларускага часу. Праз гадзіну стала вядома, што гэтая акцыя так і не паўплывала на ўзровень апраменьвання на тэрыторыі АЭС, перадало дзяржаўнае тэлебачанне NHK. Тым не менш ахалоджванне трэцяга рэактару ўрад прызнаў ключавым заданнем. Па словах прэс-сакратара ўраду Японіі Ёкі Эдана, пакуль сітуацыя на рэактарах 5 і 6 стане бяспечнай, "пройдзе яшчэ пэўны час".
Між тым, Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі падало афіцыйныя дадзеныя наконт стану адпрацаванага паліва на АЭС Фукусіма. Вада ў адсеках з адпрацаванымі паліўнымі стрыжнямі пры рэактарах 3 і 4 найпраўдападобней кіпіць. У адсеку пры чацвёртым рэактары яе ўжо можа не быць увогуле. У складах каля рэактараў 5 і 6 павышаецца тэмпература, яна дасягнула адзнакі ў больш за 60 градусаў, пры стандартнай велічыні ў 25 градусаў Цэльсія.
Сёння павінны скончыцца працы над аварыйнай лініяй электраперадач на "Фукусіму-1", якая ад часу землятрусу ў мінулую пятніцу абясточаная. Дзякуючы аварыйнай лініі можна будзе выкарыстаць электрычныя насосы, каб ахаладзіць перагрэтыя рэактары і адсекі з выкарыстаным ядзерным палівам.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама і прэм'ер-міністр Японіі Наота Кан правялі тэлефонную размову. Абама паабяцаў дапамагчы Японіі ўсімі магчымымі сродкамі, напрыклад перанасныя водныя насосы з амерыканскіх ваенных базаў у Японіі бліжэйшым часам павінны перавезці на АЭС "Фукусіма-1".
Неўзабаве Японію наведае кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі Юкія Амана, каб на месцы атрымаць дакладныя дадзеныя пра сітуацыю на "Фукусіме-1".
Новыя афіцыйныя звесткі наконт ахвяраў катаклізму ў Японіі — 5178 асобаў. 8606 асобаў лічацца зніклымі без вестак. Гэтыя лічбы будуць павялічвацца, паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на паліцыю Японію.