У ЖЭСах – вялізныя чэргі на ўсталяванне лічыльнікаў

Дзяржаўная прэса стварыла ажыятаж, палохаючы беларусаў чуткамі
Ужо які тыдзень дзяржаўныя СМІ "атакуюць" беларусаў, якія не ўсталёўвалі ў кватэрах лічыльнікі на ваду. Маўляў, з новага года такім давядзецца плаціць у тры разы даражэй.

Спачатку пра гэта казаў “Народнай газеце” міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімір Белахвостаў: “Тыя, хто не пажадае плаціць за ваду па лічыльніку, будзе плаціць поўным рублём. Прэзідыўм Савета Міністраў ужо такую пастанову прыняў, цяпер яна знаходзіцца на разглядзе ў прэзідэнта”.

Як даведалася Еўрарадыё, пакуль ніякіх загадаў павялічыць ўтрая кошты на ваду з наступнага года няма. У ЖЭСах сталіцы і абласных гарадоў нам таксама гавораць, што не ведаюць пра нейкія афіцыйныя пастановы.

ЖЭС № 8 Мінску:
“Я гэтага не ведаю. У мяне такога распараджэння няма. Якія будуць расцэнкі, таксама на ведаю”.

ЖЭУ №4 Магілёва:
“Пакуль такога няма. Толькі панапісалі ў СМІ. У нас няма пакуль ніякіх нарматыўных і ўстановачных дакумантаў”.

Тым часам у ЖЭСах чэргі – напужаныя людзі падаюць заявы на ўстаноўку лічыльнікаў. Галоўны інжынер ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва Аляксандр Віктаравіч гаворыць, што цяпер у іх каля 700 добраахвотных заяваў. Раней столькі не было, і даводзілася людзей угаворваць.

У адным з мінскіх ЖЭС Еўрарадыё сказалі, што наплыў жадаючых паставіць лічыльнікі пайшоў адразу, як па беларускім тэлебачанні паведамілі пра трохразовае павышэнне коштаў.
Зараз тая ж “Народная газета” паведамляе, што ЖЭСы не спраўляюцца з такім наплывам. Пра змены кошту вады гавораць вельмі асцярожна. Але нечакана выплыла новая “страшылка” – маўляў калі не паставіць лічыльнік, на цябе спішуць усю ваду, якую пакажа агульны лічыльнік дому. ЖЭС толькі змінусуе паказчыкі індывідуальных лічыльнікаў – і усё!

Як даведалася Еўрарадыё у 105-м сталічным ЖЭСе, такая сістэма існуе і зараз. Але толькі там, дзе ёсць агульныя лічыльнікі вады:

“Жыхары, якія маюць індывідуальныя прыборы ўліку, у канцы месяца падаюць інфармацыю сваіх лічыльнікаў. Гэтая сума падбіваецца і адымаецца ад агульнай сумы расходу па доме. Вада, якая засталася, размяркоўваецца паміж жыхарамі. Яшчэ адымаецца тое, што зрасходавана ЖЭСам і гарвадаканалам”.

Калі дом не мае агульнага вадамера, кошт вады вылічваецца па норме 300 літраў на аднаго чалавека ў суткі (9 кубоў на чалавека за месяц), - распавялі Еўрарадыё ў Магілёўгарвадаканале. Атрымліваецца, што цяпер па норме сям'я з 4 чалавек, што не мае прыбору ўліку вады, плаціць, прыблізна, 12 тысяч за месяц.

У будучым падлік вады застанецца такі ж самы, - распавялі Еўрарадыё ў 12-м ЖЭСе сталіцы, але таксама нагадалі пра магчымыя змены коштаў:

“Мы цяпер плоцім за ваду працэнтаў 30 ад кошту. А ў будучым будзем плаціць па сабекошце. Гэта магчыма, але пакуль няма ўказу”.

Калі лічыць, што мы зараз аплачваем толькі 32% вады (і гэта складае 321 рубель за кубаметр), то 100% – гэта тысяча рублёў. На сям'ю з чатырох чалавек атрымліваецца каля 36 тысяч рублёў за месяц.

Дарэчы, па звестках міністэрства ЖКГ, у краіне лічыльнікі вады ўжо мае 91% кватэраў. Але, напрыклад, у адным са сталічных ЖЭСаў Еўрарадыё назвалі іншую лічбу - 60%. У астатніх ўвогуле адмаўляліся даваць такую інфармацыю.