У ЗША беларусаў судзяць за экспарт начных бінокляў

Буйная крымінальная справа разглядаецца ў судзе Філадэльфіі. Вываз у Беларусь прыбораў начнога бачання лічыцца незаконным, бо яны маюць як грамадзянскае, так і ваеннае прызначэнне. На экспарт такіх бінокляў патрабуецца ліцэнзія Дзярждэпартамента ЗША.



Па версіі пракуратуры, закуп прыбораў у Амерыцы ўзначальваў беларус Ягор Восін. Ён адпраўляў іх на радзіму Сяргею Балтуцкаму, якога ўлады ЗША характарызуюць як "міжнароднага гандляра зброяй", інфармуе ВВС.



Змова, у якой вінавацяць фігурантаў справы, завязалася на пачатку 2010 года. Тады да Восіна, які незадоўга да гэтага перабраўся з Беларусі ў Філадэльфію, звярнуўся з прапановай прыяцель яго бацькі. Паведамляецца, што гэты чалавек працаваў беларускім дыпламатычным кур'ерам і рэгулярна лятаў з Мінска ў Нью-Ёрк. У адным судовым дакуменце згадваецца імя гэтага кур'ера — Аляксандр Шпакоўскі.



Паведамляецца, што Восін закупіў і незаконна пераправіў за мяжу прыкладна 100 прыбораў начнога бачання агульным коштам каля 400 тысяч долараў. Большасць з іх перасылаў ён проста поштай, астатнія нібы адвёз дыпкур'ер Шпакоўскі. Восіну за гэта пералічылі каля 150 тысяч долараў. Грошы яму пералічвалі сумамі крыху меншымі за 10 тысяч долараў, бо пачынаючы ад гэтай сумы банкі абавязаныя сігналізаваць уладам. Такі прыём завецца ў ЗША "структураваннем" і тэарэтычна караецца крымінальным заканадаўствам.



Таксама да справы былі далучаныя Віталя Цішук, Аляксандр Бельскі, Аляксандр Сташынскі, Вольга Дубоўская. Эрнэста Чарналецкі, Георгій Царык, Раман Ясеў.



У красавіку 2012 года Балтуцкі наведаў ЗША і быў арыштаваны. Як і астатнія фігуранты, ён прызнаў сябе вінаватым. Ён актыўна супрацоўнічаў са следствам. Яго адвакат настойвае, што біноклі пастаўляліся паляўнічым.



Балтуцкага мусілі асудзіць у мінулую пятніцу, але суддзя нечакана адклаў вынясенне прысуду на два тыдні. Астатнія асуджаныя ад 6 да 24 месяцвў. Выключэнне склаў Бельскі — яму далі 57 месяцаў турмы.



Фота — optivisions.ru