U2 перанеслі выхад альбому на 2009 год

Выхад новага альбому ірландскага рок-гурта U2 перанесены на пачатак 2009 году.  Паводле паведамлення Billboard, раней планавалася, што кружэлка "No Line on the Horizon" выйдзе на лэйбле Universal 14 лістапада 2008 году.

Лідэр U2 Бона растлумачыў, што гурт працягвае пісаць і запісваць у студыі на поўдні Францыі новыя песні, якіх ужо назапасілася 50-60, але музыкі не спяшаюцца іх выдаваць і выбіраюць з іх толькі тыя, якія складуць сапраўды выдатны альбом.

Зараз вядома, што на дыск дакладна патрапяць кампазіцыі "Get on Your Boots," "For Your Love," "Breathe," "No Line on the Horizon" і васьміхвілінная "Moment of Surrender".

Па гучанню і зместу новы альбом больш нагадвае "The Joshua Tree" (1987) і "Achtung Baby" (1991), лічыць Бона.

Прадзюсарамі дыску выступаюць Браян Іна, Дэніэль Лануа і Стыў Ліліўайт. Новы альбом стане 12-м па ліку ў дыскаграфіі калектыву.

Папярэдні дыск U2 – "How to Dismantle an Atomic Bomb" – выйшаў у 2004 годзе.

Фота: www.taringa.net