U2 вяртаюцца на сцэну

Рокеры U2 вяртаюцца на сцэну пасля двухмесяцовага перапынку, выкліканага праблемамі са здароўем у фронтмэна гурта Бона.  На днях музыкі абвясцілі новы графік выступаў у межах свайго сусветнага U2 360° Tour. Нагадаем, што U2 былі вымушаныя адмовіцца ад запланаванага на чэрвень-ліпень гэтага года тура па Паўночнай Амерыцы з-за траўмы свайго лідара.

Падчас падрыхтоўкі да гастроляў рокер пашкодзіў спіну і 21 траўня яму была зроблена тэрміновая аперацыя на пазваночніку. Ужо праз тыдзень музыка быў выпісаны з лякарні з прагнозам поўнага аднаўлення на працягу двух месяцаў.

Вяртанне да канцэртнай дзейнасці U2 запланавана на 6 жніўня – у гэты дзень у італьянскім Турыне стартуе еўрапейская частка гастроляў U2 360° Tour. Што ж тычыцца адмененых амерыканскіх канцэртаў, то іх музыкі адыграюць ужо напачатку 2011-га.

Паводле абноўленага графіка, турнэ U2 па Паўночнай Амерыцы пачнецца 21 траўня наступнага года ў Дэнверы і скончыцца канцэртам у Мінеапалісе 23 ліпеня.

«Я прашу прабачэння перад вамі за нязручнасці, выкліканыя адменай выступаў, і дзякую за тое, што не пакінулі нас у гэту цяжкую хвіліну», - адзначыў Бона ў сваім звароце да прыхільнікаў.

Фота: boston.com