Учора некалькі маладафронтаўцаў атрымалі званкі правакацыйнага зместу

Актывістцы мінскай філіі МФ Касі Далідовіч патэлефанаваў незнаёмы мужчына, які паведаміў, што сядзеў разам з Дашкевічам і, маўляў, у старшыні МФ усё добра. Пасля ў слухаўцы раздаліся крыкі і мужчына пачаў гарлапаніць накшталт: "Трэба тэрмінова вывешваць расцяжкі. Пайшлі іх вешаць!", паведамляе прэс-служба МФ.

"Я спужалася гэтага неадэкватнага чалавека і кінула слухаўку", - гаворыць дзяўчына.

Праз нейкі час аналагічны званок заспеў асіповіцкага актывіста Арцёма Дубскага.

"Калі мне перадалі прывітанне ад Змітра Дашкевіча, я ўцяміў, што гэта нейкая пастка, бо зарэгістраваў новы нумар літаральна днямі, і Зміцер аніяк не мог яго ведаць. Калі ж мяне настойліва заклікалі ісці прама зараз вешаць расцяжкі, я зразумеў, што гэта была правакацыя", - распавёў Дубскі.

Пад ноч падобны званок раздаўся і ў гарадзенскай актывісткі МФ Веранікі Велігор.