Учора з Туркменістана ў Беларусь прыляцеў першы пасажырскі самалёт

11 жніўня паміж Туркменістанам і Беларуссю ўтварылася рэгулярная прамая авіясувязь. Першы рэйс па маршруце Ашхабад-Мінск выканаў самалёт “Боінг-737-800” авіякампаніі “Туркменхаваелары”. Лайнер, што змяшчае 160 пасажыраў, будзе курсаваць паміж сталіцамі двух краін адзін раз на тыдзень – па суботах. Працягласць беспасадкавага пералёту складае каля пяці гадзінаў.

Інфармацыйнае агенцтва “PRESS-UZ.info” паведамляе, што асноўную частку пасажырскаў першага рэйсу склалі дзяржаўныя службоўцы, прадстаўнікі малога бізнэсу і студэнты. “Ніякіх сумневаў, патэнцыйных кліентаў “Туркменхаваелары” прыцягне зручнае геаграфічнае становішча Мінска: побач краіны Балтыі і Усходняй Еўропы, Украіна і з тузін абласцей Расіі”, – мяркуюць карэспандэнты агенцтва.

Не выключана, што неўзабаве частата рэйсаў будзе даведзеная да двух на тыдзень.