Удзельнік Slipknot зламаў абедзве нагі

Дыджэй і перкусіяніст гурта Slipknot Сід Уілсан вымушаны перасоўвацца на інвалідным вазку пасля выступу гурта ў Сіэтле 9 ліпеня. Музыка атрымаў сур'ёзную траўму, зламаўшы абедзве нагі пасля няўдалага скачку са сцэны.

Паводле словаў удзельніка Slipknot Шона Крэена, «гэта самая сур'ёзная траўма, якую хто-небудзь з гурта атрымліваў за ўвесь час існавання. На ногі Сіда немагчыма глядзець без дрыжыкаў – яны ўсё ў чорных і сініх разводах і тоўстыя, як у слана».

Дадам, што, нягледзячы на траўму Сіда, Slipknot не сталі адмяняць далейшыя канцэрты свайго тура – музыка праводзіць іх у інвалідным вазку.

Шон Карэен дадаў, што «зараз у Сіда яшчэ і твар у сіняках, бо, пазбавіўшыся магчымасці скакаць, ён так старанна трасе галавой, што ўвесь час б'ецца галавой аб свой дыджэйскі пульт».

Нагадаем, што Slipknot гастралююць па ЗША ў межах раскруткі свайго новага студыйнага альбома «All Hope Is Gone», рэліз якога запланаваны на жнівень гэтага года.

Фота: www.myspace.com