Удзельнікі Black Sabbath выпусцяць альбом без Озі Осбарна

Удзельнікі брытанскага гурта Black Sabbath выпусцяць альбом, запісаны без удзелу лідэра калектыва Озі Осбарна, паведамляе Reuters. Праект Heaven and Hell, створаны ў 2006 годзе чальцамі калектыва Осбарна - гітарыстам Тоні Аёмі, басістам Гізерам Батлерам, бубначом Віні Эпісам, а таксама былым вакалістам Black Sabbath Роні Джэймсам Дыа, запісаў кружэлку пад назвай "The Devil You Know".

Рэліз кружэлкі Heaven and Hell прызначаны на 28 красавіка 2009 года. У альбом увайшлі такія кампазіцыі як "Bible Black," "Rock & Roll Angel," "Breaking Into Heaven," "Atom & Evil" і "Eating the Cannibals." У 2007 годзе калегі Осбарна выпусцілі канцэртную плыту. Акрамя CD-версіі "Live from Radio City Music Hall", таксама выйшла і DVD-кружэлка з запісам нью-ёркскага канцэрту.

Роні Джэймс Дыа далучыўся да Black Sabbath у 1979 годзе, калі з гурта сышоў Дэйв Уокер з Savoy Brown, замяніўшы Осбарна, які пакінуў гурт ў 1977 годзе. Дыа быў удзельнікам Black Sabbath да 1982 года. Разам з ім запісаныя такія альбомы калектыва як "Heaven and Hell" і "Mob Rules". Ён таксама дапамог гурту ў запісу кружэлкі 1992 года "Dehumanizer". У 2005 годзе быў створаны праект Black Sabbath - The Dio Years, у складзе якога Дыа выступаў разам з калегамі па Black Sabbath.

Фота:  www.ozzyosbourne.ucoz.ru