Украіна адзначае Дзень Незалежнасці
Гэтае афіцыйнае свята, якое адзначаецца ў гэтай краіне штогод, 24 жніўня.
23 гады таму Вярхоўны Савет Украінскай ССР прыняў Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны.
Спецыяльна да Дня Незалежнасці ў цэнтры Кіева сёння пройдзе вайсковы парад, да якога далучацца 120 удзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны, інфармуе УНІАН.
“У адрозненне ад многіх папярэдніх, цяперашні вайсковы парад будзе праходзіць ва ўмовах, калі краіна ў гранічна складаных умовах абараняе ўсходнюю мяжу. Таму даволі сімвалічным будзе праходжанне па Хрэшчаціку 24 жніўня зводнай “скрынкі” АТА, куды ўвайшлі 120 удзельнікаў баявых дзеянняў на ўсходзе”, — гаворыцца ў паведамленні Аддзелу ў пытаннях узаемадзеяння са СМІ Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.
Пасля правядзення афіцыйных урачыстасцяў з нагоды Дня Незалежнасці ў Кіеве адбудзецца шэраг святочных імпрэзаў: парад вышыванак, ветразевая рэгата і салют.