Украіна можа стаць геапалітычным лідарам для Беларусі — СМІ

Святлана Ціханоўская і кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга

Святлана Ціханоўская і кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга / hromadske

"Беларусь — адна з нешматлікіх дзяржаваў, для якіх Украіна можа быць безумоўным геапалітычным лідарам. А ў будучыні — і ўзорам для пераймання".

Ва Украіне выйшаў праграмны артыкул па выніках візіту Святланы Ціханоўскай — і беларусам ён можа не спадабацца.

Аўтары артыкула — сузаснавальнікі "Еўрапейскай праўды" Сяргей Сідарэнка і Юрый Панчанка. Яны даводзяць важнасць беларускай тэмы для Украіны і звяртаюць увагу, што падыход Кіева цалкам супярэчыць пазіцыі Вашынгтона.

"Пакуль шэраг партнёраў схільныя зноў фліртаваць з Лукашэнкам, Кіеў уводзіць усё больш жорсткія меры ўплыву на Мінск, — пішуць яны. — Украіна — дзякуючы беларускаму пытанню — можа прадэманстраваць сваю геапалітычную вагу.

Украіна мае рычагі, каб пераканаць свет пагадзіцца з нашай тактыкай у гэтым пытанні. Скаардынаваныя дзеянні з беларускай апазіцыяй яшчэ больш умацоўваюць нашу пазіцыю".

Паказальны і адзін з падзагалоўкаў артыкула: "Не (толькі) дзеля Беларусі, але (перш за ўсё) дзеля Украіны". Выглядае, што ў Кіеве ўсвядомілі, што далейшае ігнараванне беларускага парадку дня шкодзіць інтарэсам уласна Украіны. І размаўляць з афіцыйным Мінскам збіраюцца з пазіцыі сілы і санкцыйнага ціску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.