Украіна можа вярнуць Беларусі запазычанасці савецкіх часоў

Украіна верне Беларусі 50 мільёнаў долараў запазычанасцяў прадпрыемстваў, якія засталіся яшчэ з савецкіх часоў. Нібыта, такая дамоўленасць была дасягнутая падчас нядаўніх перамоваў у Кіеве Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі, паведамляе газета "Коммерсант-Украина". Паводле выдання, якое спасылаецца на сваю крыніцу ва ўкраінскім МЗС, схема выплатаў прадугледжвае экспарт украінскай электраэнергіі ў Беларусь па льготным тарыфе. Для рэалізацыі гэтага ўкраінскім кампаніям давядзецца працаваць са стратамі, але ў будучым Украіна спадзяецца стаць галоўным экспарцёрам электраэнергіі ў Беларусь.

Як паведамляюць "Белорусские новости", Кіеў пайшоў на гэты крок пасля таго, як пад пагрозай апынулася ратыфікацыя беларускім парламентам дамовы аб дзяржаўнай мяжы з Украінай.