Украіна не падтрымае антыбеларускія санкцыі ЕС
Украіна не мусіць падзяляць пазіцыю Еўрапейскага саюза адносна Беларусі па ўсіх аспектах.
Пра гэта заявіў дырэктар Дэпартамента інфармацыйнай палітыкі Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Валошын, паведамляе newsru.com.
"Мы разумеем тую заклапочанасць, якую ЕС выказвае ў адносінах да стану дэмакратыі ў Беларусі. Мы гэта даносілі да нашых беларускіх партнёраў", — адзначыў Валошын.
"Пры гэтым, безумоўна, Украіна, якая не з'яўляецца кандыдатам на сяброўства ў ЕС, не абавязаная ва ўсім салідарызавацца з Еўрапейскім Саюзам. У нас асобныя адметнасці супрацоўніцтва ў Беларуссю, вялізны аб'ём гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, у нас даўняя гісторыя, гэта наш сусед і блізкі нам народ", — удакладніў спікер МЗС.
"Мы лічым, што любая ізаляцыя Беларусі будзе контрпрадуктыўнай. Мы спадзяемся, што беларускае кіраўніцтва выкажа добрую волю памірыцца з ЕС, і Украіна ў гэтым усяляк гатовая дапамагаць. Урэшце рэшт, Беларусь і ЕС — суседзі, яны не могуць не кантактаваць адно з адным", — падкрэсліў дыпламат.