Украіна не падзяляе падыход беларускіх уладаў да апазіцыі
Украіна не мае намеру рабіць рэзкія крокі ў адносінах з Беларуссю, бо ў адрозненне ад краінаў ЕС, Кіеў мае нашмат больш цесныя эканамічныя сувязі з Мінскам.
Пра гэта ў інтэрв’ю Deutsche Welle заявіў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.
У той жа час, паводле яго словаў, украінскі бок не падзяляе падыход беларускай улады ў адносінах з апазіцыяй. Украіна не можа ігнараваць той факт, што міжнародныя арганізацыі прызналі выбары ў Беларусі неадпаведнымі дэмакратычным стандартам. Прадстаўнік МЗС таксама заўважыў, што ўзровень прысутнасці Ўкраіны на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі “сам за сябе гаворыць”. На гэтай цырымоніі быў амбасадар Украіны Раман Бязсмертны, перадае РИА Новости.