Украіна ўвяла спецпошліны на малако, цукеркі і піва з Беларусі

Спецыяльныя пошліны на пастаўку беларускіх малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў і піва Украіна называе адказам на дыскрымінацыйныя недружалюбныя дзеянні з боку Беларусі да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчавання.

У прыватнасці, на малочныя прадукты, кандытарскія вырабы з цукру, шакалад і мучныя прысмакі ўводзіцца пошліна ў памеры 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі. Для беларускага соладавага піва Украіна ўводзіць пошліны ў памеры 60,05% ад мытнага кошту, перадае УНІАН.

Па звестках Дзяржаўнай фіскальнай службы, у першым паўгоддзі 2014 года Беларусь паставіла ва Украіну малака і вяршкоў на 1,3 млн долараў. Гэта складае 46% ад агульнага імпарту гэтай прадукцыі.

Нагадаем, што з 1 траўня Беларусь ўвяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Украінскія вытворцы піва назвалі гэта дыскрымінацыйнымі мерамі і паведамілі, што ў Беларусі ад іх запатрабавалі павысіць рознічную цану на сваю прадукцыю больш, як удвая. Гэта аўтаматычна робіць ўкраінскае піва неканкурэнтаздольным на беларускім рынку. Аналагічныя меры Беларусь ўжыла і да ўкраінскіх кандытараў.

Фота — unitrade.su