Украінцы абкрадалі грузавыя аўтамабілі на Гомельшчыне

У Гомельскім раёне затрыманыя чацвёра непрацуючых грамадзян Украіны, выхадцаў Краменчуга. Іх вінавацяць у некалькіх крадзяжах. Як паведамляе БелаПАН, украінцаў падазраюць у тым, што з лістапада 2009 года па чэрвень 2010-га яны абкрадалі грузавыя аўтамабілі на дарогах Гомельшчыны. Увесь гэты час затрыманыя жылі ў вёсцы Чырвонае пад Гомелем, не маючы віду на жыхарства.

На ўкраінцаў пачалі крымінальную справу па заяве іх суайчынніка. Той на грузавым аўтамабілі перавозіў з Беларусі ва Ўкраіну кансервы. На памежным пераходзе "Новая Гута" кіроўца выявіў, што тэнт паўпрычэпа разрэзаны, а тавар скрадзены.

Па звестках следства, у сакавіку гэтага года зламыснікі абкралі аўтамабіль "Белпошты", сарваўшы замак і скраўшы 18 пасылак, а ў лістападзе 2009-га — разрэзалі тэнт і абакралі аўтамабіль прадпрыемства "Санта-Брэмар". Шкода ад крадзяжу прадукцыі перавысіла 3 млн 500 тыс. рублёў.