Украінцы могуць скласці праграму выступу Пола Макартні

У інтэрнэце адкрыўся сайт, на якім можна прагаласаваць за 10 песень, якія патрапяць у праграму канцэрта брытанскага музыкі Пола Макартні ў Кіеве 14 чэрвеня 2008 года. На сайце "Бітлз у маім жыцці" на выбар бітламанаў прапанавана 43 вядомыя песні гурта The Beatles і Пола Макартні. Такім чынам, украінскія карыстальнікі інтэрнэту маюць магчымасць самастойна сфармаваць праграму кіеўскага канцэрту Макартні.

Сайт "Бітлз у маім жыцці" быў адкрыты ўкраінскімі фан-клубамі The Beatles і Фондам Віктара Пінчука, як камунікацыйная пляцоўка для ўсіх, каму памятныя і дарагія ідэі і песні знакамітай ліверпульскай чацвёркі.

Акрамя таго, на сайце праводзіцца конкурс гісторый "Бітлз у маім жыцці" і конкурс перакладаў "Праспяваем Бітлз на роднай мове". Пераможцы атрымаюць квіткі ў танцавальны партэр на канцэрт Пола Макартні.

Галасаванне працягнецца да 6 чэрвеня 2008 года. Нагадаем, што бясплатны канцэрт Пола Макартні адбудзецца 14 чэрвеня на Майдане Незалежнасці у Кіеве.

Экс-удзельнік легендарнага гурта The Beatles прыедзе ва Украіну па запрашэнні бізнесмена і мецэната Віктара Пінчука.

Летась у Кіеве ў тым жа фармаце з дабрачынным канцэртам выступіў Элтан Джон.

Фота: dlsmusic.blogspot.com