Украінцы на Брэстчыне “прагаласавалі, як ва Ўкраіне”

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі на замежным выбарчым участку №8, зладжаным ва ўкраінскім консульстве ў Брэсце.  Адказны супрацоўнік: "Паводле неўдакладненых звестак, найбольш на гэтым выбарчым участку прагаласавала за Януковіча, на другім месцы Цімашэнка. Так сама, як паказвае экзіт-пол ва Ўкраіне. Экзіт-пол у нас працуе дакладна, там можа быць два адсоткі пагрэшнасці".

З 4600 зарэгістраваных па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях грамадзянаў Украіны ўдзел у галасаванні ўзяў 301 выбаршчык. Паводле словаў консула, які займаўся арганізацыяй выбараў, быў асабіста запрошаны кожны зарэгістраваны выбаршчык. Гэтаксама атрымалі дазвол узяць удзел у выбарах каля 20 незарэгістраваных у Беларусі ўкраінцаў. З Гродзеншчыны не прыехаў ніхто, найбольш іншагародніх даехала з Баранавічаў.

За выбарамі ў Брэсце не назіраў ніхто. Паводле  інфармацыі з выбарчай камісіі, ніхто  з кандыдатаў не дэлегаваў сюды сваіх  прадстаўнікоў. Не выказалі цікавасці  і міжнародныя арганізацыі.