Украінцы пратэставалі перад польскім консульствам у Львове

Каля 1000 чалавек пратэставалі 15 студзеня каля польскага консульства ў Львове, патрабуючы хуткага прыняцця дамовы аб малым памежным руху паміж Польшчай і Украінай. У пратэсце ўзялі ўдзел жыхары памежных тэрыторый, для якіх выезд у Польшчу - адзіны сродак зарабіць, - сказаў у інтэрв’ю Onet.pl Багдан Кук, дэпутат Львоўскай раённай рады. Польскі консул аднак кажа, што такіх жыхароў было не болей за 100, астатнія - тыя, хто чакае візаў.

Пратэстоўнікі трымалі транспаранты з надпісамі: “Не новаму Берлінскаму муру”, “Еўропа без межаў”, “Ушануйце Украіну”. Перад консульствам пратэстоўцы ўсталявалі памежныя слупкі, апавітыя калючым дротам.

Аднак дарогі каля памежных пераходаў блакаваць ніхто не стаў, хаця напярэдадні такія намеры былі. Была разблакаваная і дарога да пераходу ў Раве Рускай, якую 14 студзеня блакавалі каля 100 чалавек.

Украінцы дамагаюцца дамовы, якую ўжо падпісалі з вугорцамі - аб бясплатных візах для жыхароў памежных тэрыторый. Такую дамову Украіна збіраецца падпісаць таксама са славакамі. Цяпер жа кошт польскай візы для ўкраінцаў - 35 еўра.