Украінец ехаў у Беларусь, прымацаваўшы скотчам да цела марыхуану

Кантрабандыста выявілі ўкраінскія мытнікі падчас праверкі цягніка "Львоў — Мінск". 46-гадовы жыхар горада Сарны (Ровенская вобласць) меў пры сабе 208 грамаў марыхуаны, якую скотчам прымацаваў да цела. Аднак наркотыкі знайшоў службовы сабака, паведамляе УНІАН.
Затрыманы сцвярджае, што марыхуану правозіў за ўзнагароджанне, якое паабяцаў яго знаёмы. Але ровенскім мытнікам кантрабандыст добра знаёмы. У 2005 годзе яго затрымлівалі за спробу правесці ў Беларусь 700 грамаў макавай саломкі і асудзілі на 4 гады зняволення. Цяпер вырашаецца пытанне аб распачацці новай крымінальнай справы.